Vulica Brasil аб’яўляе мастакоў сёлетняга фестывалю

Пачаў разгортваць свае крылы ўяўлення пяты фестываль урбан-арту Vulica Brasil. Мы да апошняга трымалі ў тайне імёны мастакоў і лакацыі новых муралаў, але зараз гатовыя распавесці ўсяму свету, дзе ў Менску з’явяцца 12 свежых мастацкіх майстэрпісаў. Паехалі!

OSGEMEOS (45 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)

Што малююць: «Жоўты гігант 2»

Дзе малююць: вул. Кастрычніцкая, 16

Арт-анёлы Vulica Brasil OSGEMEOS зноў вяртаюцца ў Менск! На гэты раз са значнай мэтай: пакінуць сваяка Гіганту на бразільскай амбасадзе.

Густава i Атавiа Пандольфа лічацца аднымі з самых вядомых стрыт-артыстаў у свеце. Яны пачалі маляваць яшчэ ў далёкіх 80-х, калі аўтамабілі былі востравугольнымі, а хіп-хоп толькі олдскульным. Як і ў музыцы, веды пра вулічную культуру ў Бразіліі спачатку чэрпаліся са Штатаў, але праз некалькі гадоў мастакі не толькі выпрацавалі свой уласны стыль, але і паўплывалі на бразільскі стрыт-арт у цэлым, стаўшы сусветнымі зоркамі.

Іх персанажы – жоўтыя чалавечкі – прысутнічаюць на большасці работ блізнюкоў і даўно сталі іх своеасаблівым брэндам. У 2015 годзе OSGEMEOS ухуталі ў цёплыя абдымкі жоўтага чалавечка адну са сцен будынка бразільскай амбасады ў Менску. Сёлета яны нанясуць на мапу сваіх прац і выпешчаную Кастрычніцкую – гігант з’явіцца ў дворыку Ok16.

Hyper (38 гадоў, Белу-Арызончы, Бразілія)

Што малюе: мурал «Kaapora»

Дзе малюе: вул. Кастрычніцкая, 16/3

Мастак, празорлівец і артыст, а таксама графіціст, татуіроўшчык, відэамэйкер, музыкант і рэгі-выканаўца. У сваіх працах Hyper спасылаецца на старажытныя культуры, карэнныя народы і іх веды, мастацтва і духоўнасць, сілу прыроды, пошук чалавечай прыроды, паразумення паміж людзьмі і гармоніі з сусветам, у якім мы жывем. Для Vulica Brasil ён задумаў мурал «Kaapora», што значыць «той, хто жыве ў лесе». Гэты мурал мастак захацеў стварыць у самым зялёным закутку Кастрычніцкай – па другі бок МЗКР каля ракі.

Criola (29 гадоў, Рыа-дэ-Жанэйра/Белу-Арызончы, Бразілія)

Што малюе: мурал «Карані»

Дзе малюе: вул. Трасцянецкая, 11

Criola – гэта маніфест, ці як яна сябе называе, artivist. Для яе мастацтва – гэта сродак барацьбы за правы чорных жанчын. У сваіх працах яе цікавяць бразільская флора, культурная разнастайнасць, чорныя, індзейцы і гарадскія легенды. Яна цесна злучана з модай, адтуль яна дадае тэкстуры і ўзоры. Мастачка ўжо падарыла свае колеры Бразіліі, Партугаліі, Францыі, а зараз і Беларусі, дзе яна – першая жанчына-хэдлайнер фэсту з пачатку яго існавання.

Bruno Big (39 гадоў, Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія)

Што малюе: мурал «Даглядай за сваім садам»

Дзе малюе: вул. Кастрычніцкая, 16 к.3

Падтрымка: Danone з новым смакам Danao

Бруна – спецыяліст у галіне гісторыі мастацтваў. Адзін з яго самых знакавых праектаў – стварэнне серыі абразкоў культуры Бразіліі на кашулях нацыянальнай зборнай па футболу. У Менску Бруна створыць вялікі сад з прыгожым мэсэджам: «Сакрэт не ў тым, каб ганяцца за матылькамі, а ў тым, каб клапаціцца пра свой сад, і тады матылькі прыляцяць самі». Мурал падртымлівае Danao, якія дапамаглі тэлепартаваць мастака наўпрост са сталіцы карнавалаў.

Doctor Oy (30 год, Пінск, Беларусь)

Што малюе: мурал «Яйка»

Дзе малюе: TBA

Доктар Ой пачынаў свой творчы шлях з карыкатур, рабіў шмат стыкераў, потым перайшоў на стрыт-арт. Ты, напэўна, бачыў(-ла) яго ката насупраць «Мануфактуры» ці птушку на будцы ў дворыку «Пясочніцы». У межах Vulica Brasil парэфлексуе на тэму сталення пакаленняў.

Захар Кудзін (33 гады, Менск, Беларусь)

Што малюе: мурал «Ледзяны палёт. Гарачы космас»

Дзе малюе: вул. Першамайская, 28 к. 5

Прадстаўнік беларускага абстрактнага экспрэсіянізму. Свой стыль абазначае як нейра-арт. На фестывалі ён распіша вялікі загадкавы будынак Холадакамбінату №1, які месціцца непадалёк Парка Горкага. «На чалавека ў вялікім горадзе штодня ўплывае розны візуальны стрэс. Задача карціны – даць магчымасць гледачу пераключыцца, выдрацца з кантэксту штодзённасці, атрымаць візуальную паўзу праз прадмет мастацтва», – распавядае пра канцэпцыю Захар.

Vadik Fin (30 гадоў, Пінск, Беларусь)

Што малюе: мурал «Тэхнавоўк»

Дзе малюе: Кастрычніцкая, 19-Б 1

Малады мастак і ілюстратар. Яго працы вылучаюцца яркасцю і разнастайнасцю фарбаў, а таксама незвычайна абстрактнымі геаметрычнымі формамі. Работы мастака поўныя дэталяў, складаных элементаў і нечаканых паваротаў сюжэта. Для Vulica Brasil ён створыць мурал «Тэхнавоўк». «Тэхналогіі ўсё больш і больш прасочваюцца ва ўсе сферы нашага жыцця – часам мы нават не заўважаем гэтага. З аднаго боку, такі сімбіёз зручны і практычны, але з іншага, у струмені прагрэсу могуць губляцца найважнейшыя сэнсы, – расавядае мастак. – Ідэя працы – паказаць наколькі тонкая мяжа пранікнення тэхналогій ва ўсё жывое, што нас атачае».

Poliakowa (27 гадоў, Ліда, Беларусь)

Што малюе: фотакалажы

Дзе стварае: на рэкламных бігбордах горада

Фотамастачка і рэжысёрка. Працуе з калажнай тэхнікай, анімацыяй і відэа. Натхняецца сюжэтамі гарадскога жыцця, прыроднымі гарызонтамі і чалавечай натурай. Атрымліваюцца сапраўдныя футурыстычныя краявіды, сатканыя з розных дэталяў і персанажаў горада. У межах Vulica Brasil Караліна распаўсюдзіць свае мазаікі па ўсяму гораду – яе мастацтва можна будзе знайсці на дзесяці розных бігбордах. Атрымаецца такі хітрык: ін’екцыя Менску яго жа краявідаў, але з добрай крыхой фантасмагорыі.

Andrei Busel (37 гадоў, Мінск, Беларусь)

Што робіць: мурал «Надземная ветка метро»

Дзе малюе: вул. Куйбышава, 45-20

Заснавальнік арт-групоўкі Hutka Smachna Studio, стрыт-арт-мастак. Працуе з паперай, кардонам, выкарыстоўвае тэхніку трафарэту, а ў яго люстэркі на вуліцах Менска заглядваў напэўна кожны гарадскі сабака. Падчас фестывалю Андрэй асэнсуе галерэю завода «Гарызонт» над вуліцай Куйбышава.

Marat RGB (32 гады, Менск, Беларусь)

Што робіць: інсталяцыя «Мікрагалерэя»

Дзе робіць: вул. Кастрычніцкая, 19

Беларускі мастак, які пастаянна пераасэнсовае менскі стрыт-арт. Арт-грузавік, арт-сквот, гіпсавыя галовы, вырабленыя па матывах тэлекампаніі «ВІД», – сярод яго выбітных канцэпцый. Галоўнае для Марата – рознасць мыслення і здольнасць генераваць абстрактныя выявы. Сёета Марат абсталюе мікрагалерэю, дзе змесціцца выстаўная мініпрастора з рэпрадукцыямі карцін.

Alexei Antony (22 гады, Магілёў, Беларусь)

Што малюе: мурал «Гармонія»

Дзе малюе: вул. Кастрычніцкая, 16 к.20

Пачаў займацца вулічным мастацтвам з налепак, пасля захапіўся стэнсіламі, а далей перайшоў на адмысловы жывапіс: стаў запаўняць формы ўзорамі, што з часам перарасло ў аўтарскі стыль. Antony удзельнічае ў фестывале з 2014 года, асісціруе бразільскім мастакам, а сёлета прадставіць паўнавартасны аўтарскі мурал. Яго задумка – нейкі вобраз, які ёсць у кожным з нас, які адлюстроўвае гармонію, узаемадзеянне асобных элементаў у складанай сістэме.

KHVST KHVOOOSTOV (25 гадоў, Гомель, Беларусь)
Што малюе: мурал «Маментальнасць»

Дзе малюе: Мост на скрыжаванні пр. Незалежнасці і вул. Бабруйская

Працаваў графічным дызайнерам і ілюстратарам у Citydog, зараз супрацоўнічае з музычным кам’юніці LDGrooves Crew. Мастак моцна натхняецца комікс-культурай, графіці і поп-артам. У выніку атрымліваюцца яркія і дынамічныя працы, якія акурат да пары мегаполіснаму Менску. Тэма фестывальнага мурала – павелічэнне тэмпа жыцця. Што адбудзецца, калі на хвіліну спыніць гарадскую гонку і дэтальна разглядзець наваколле?

Tweet