Rimon Guimaraes
(29 гадоў, Курыціба, Бразілія)
Дзе малюе: Ніжне-Ляхаўскі мост (вул. Кастрычніцкая)
Што малюе: Дыялог колераў – зборны вобраз усіх культур.
Facebook Rimon
Instagram
Tumblr
Рымон маляваў у Менску ў 2015 годзе, гэта яго загадкавая жанчына красуецца на жылым будынку на Калініна. Сёлета мастаку даручана ўпрыгожыць уваход на Кастрычніцкую – мост ля Дынама. Як гэта будзе – нам самім цікава. Замест пад’ёмнікаў, напэўна, давядзецца прыгнаць лодку ці катамаран.
Працы Рымона насычаны касмапалітычным духам, ён шмат спадарожнічае і таксама ўгрызаецца ў мясцовую культуру. Калі піва – то толькі локал, калі адзенне – то толькі з мясцовай тканіны. У творчасці ён спалучае розныя спосабы самавыяўлення: дызайн, відэа, выяўленчае мастацтва, скульптура.
Гарадскі стрэс і незадавальненне тым, што адбываецца ў свеце, падахвочваюць мастака выступаць супраць палітыкі капіталізму і масавай рэкламы. Калі Рымон стварае працы ў гарадской прасторы, ён кіруецца мэтай выцягнуць людзей з камфортнай і манатоннай штодзённасці і прымусіць іх зірнуць на вуліцу як на месца, дзе можна абменьвацца жыццёвым досведам, а не проста кудысьці спяшацца.
Рымон удзельнічаў у шэрагу калектыўных выстаў у Бразіліі, а з 2005 года праводзіць персанальныя выставы ў Сан-Паўлу, Порту-Алегры, Белу-Арызончы (Бразілія), Антверпене (Бельгія), Буэнас-Айрэсе (Аргентына), Амстэрдаме (Нідэрланды), Турыне (Італія), Цюрыху (Швейцарыя), Куала-Лумпуры (Малайзiя).
Дарэчы, ён таксама музыкант, таму чакай яго выступ, а дакладней калабарацыю з беларускімі музыкамі на закрыцці фестывалю.
|