Архітэктура · Кіно · Эка

Архітэктура

У канцы жніўня зноў прыедзе бразільскі архітэктар Лаўрэнса Жыменэс, які 28 жніўня правядзе варкшоп «Зялёныя кварталы ў горадзе: жыццё сярод будынкаў», а на наступны дзень сустрэнецца з архітэктарамі і ўрбаністамі Менска, каб абмеркаваць далейшы план футурыстычнай мутацыі горада.

Кіно

Падчас фестывалю таксама прывязуць кінастужку Street River разам з яе рэжысёрамі і героямі. Фільм пра тое, як 10 мастакоў прыехалі ў амазонскія плямёны і замуцілі там арт-галерэю на хацінах туземцаў. У мясцовых жыхароў няма базавых чалавечых даброт: чыстай вады, санітарыі, медыцынскіх устаноў, школ, электрычнасці – да чаго мастакі і прыцягваюць увагу. Паказ і сустрэча са стваральнікамі праекта пройдзе 30 жніўня ў «Корпусе».

Эка

Сёлета эколагі працягваюць удасканальваць свае інтэрвенцыі на Кастрычніцкай. Да парклета ля Moby Dick яны прысабачаць сонечныя панэлі, якія дазволяць зараджаць да чатырох дэвайсаў адначасова, а таксама падсілкуюць бліжэйшы ліхтар. Яшчэ абновяць расліны ў кантэйнерах над стрыт-артам Ковэка. Нагадваем: летась Юля Стратовіч і Moss Town Studio азелянілі верхавіну мурала, але частка раслін з-за маразоў памерла. У планах эколагаў таксама зрабіць два клумбапарклета: адзін перад КЗ «Менск», другі – пад лоджыяй за паркінгам «Данарыта». Ну і нарэшце арганізаваць раздзельны збор смецця на Кастрычніцкай.

Tweet